З вышыні багатага вопыту
З вышыні багатага вопыту
Сёлета ідзе трэці дзясятак як Алена Мікалаеўна Шаркель працуе ў Міёрскім аддзяленні аховы дзяжурным пульта кіравання. Круглая дата споўніцца 16 снежня. Як адзначае кіраўнік аддзялення Міхаіл Часлававіч Пракопчык, прыемна, што ў нас назіраецца пераемнасць пакаленняў, прычым з значнымі стажамі на адным працоўным месцы. Маці Алены Мікалаеўны Зінаіда Яўстаф’еўна калісьці амаль трыццаць год адпрацавала бухгалтарам тут жа. Цяпер на заслужаным адпачынку.
1996 год стаў вырашальным для выбару працоўнага лёсу і Алены Мікалаеўны. З вышыні вялікага і багатага вопыту пагутарылі з жанчынай.
– Як працавалася ў другой палове 90-ых і сёння дзяжурнаму аховы? – пытаюся ў Алены Мікалаеўны.
– За такі адрэзак часу ёсць што параўнаць, – пачынае расповяд спецыяліст. – Адбылося шмат змен у тэхнічным плане. Кабінет наш у пачатку рацоўнага шляху месціўся ў невялікім памяшканні з маленькім акном, яшчэ ў будынку па вуліцы Зоя Касмадзямьянскай у Міёрах. Амаль на ўсю сцяну была ўстаноўка з тумблерамі. На стале стаяла вялікая стацыянарная радыёстанцыя для сувязі. Як і сёння, дзяжурныя працавалі кругласутачна і ў звязцы з кіраўніцтвам, электраманцёрамі і міліцыянерамі. Вялі асобны журнал, дзе фіксаваліся ўсе прынятыя пад ахову аб’екты. Раніцай і ўвечары – абзвонка з аб’ектаў, які здавалі ці знімалі з аховы. Мы рабілі гэта ўручную тумблерамі. Сігнал “трывога” дабягаў нам на прыбор. Група затрымання выбывала на аб’ект. З пераездам у новы адміністрацыйны будынак, плошча нашага кабінета значна павялічылася. З увядзеннем кампьютарнай праграмы і перааснашчэннем абсталявання, працаваць стала значна прасцей, але дадалося і іншых спраў. Спіс ахоўваемых аб’ектаў не толькі на паперы, але і на кампьютары. Вядзецца неабходная дакументацыя, але яе стала менш. Дадалося відэаназіранне, усё усучасніваецца. Нядаўна зроблены рамонт кабінета, прыемна працаваць у новай абстаноўцы. Адказнасць і пільнасць – галоўныя рысы выканання нашых працоўных абавязкаў.
Радуюць матулю поспехамі дочкі Дар’я, Марыя і Аляксандра. Ужо дарослыя і працуюць. Даша ў Полацкім каледжы атрымала спецыяльнасць бухгалтара, скончыла Баранавіцкі ўніверсітэт і цяпер працуе ў Маскве эканамістам у ААТ «Тасман». Марыя ў міёрскім яслях-садку №2 выхавацелькай, да гэтага закончыла Полацкі педкаледж і ВДУ імя П.М. Машэрава па спецыяльнасці сацыяльны педагог-псіхолаг. Малодшая Аляксандра вучылася ў Мінскім радыётэхнічным каледжы, затым завочна вывучала праграмаванне ў БНТУ. Жыве і працуе непадалёк, у Наваполацку праграмістам. Дзяўчаты заўсёды стараюцца збірацца дома ў Міёрах на святы і ў выхадныя ад працы дні.
У вольны ад працы час Алена Мікалаеўна адна ці з мужам Юрыем Радзішэвічам любяць парыбачыць, або выпраўляюцца на «ціхае паляванне» па грыбы ды за ягадамі ў знаёмыя з дзяцінства мясціны. Папаўняюць запасы на зіму. Нярэдка да кампаніі бяруць з сабой шакаладнага акрасу Роні, чатырохлапы сябра з пароды лабрадор. Ён старанна вывучае наваколле, пасля вындровак часам атрымліваюцца забаўныя відэа з яго ўдзелам.
Алена Мікалаеўна з аптымізмам глядзіць у будучае, добрасумленна адносіцца да выканання службовых абавязкаў, перадае вопыт маладым пакаленням. За прафесіяналізм неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС.
Витебское ОУ








