«Бацька» легендарнай «Алесі»
«Бацька» легендарнай «Алесі»
Да 85-годдзя выбітнага вынаходніка Валянціна Ліпеня
Да вайны каля вясковых хат сярод іншага можна было бачыць багры - доўгіяшасты з металічным вастрыём і крукам на канцы. Адсюль і Багрыцоўшчына - назва вёскі, у якой 9 красавіка 1941-га падалі свае галасы браты-блізняты Ліпені - Валянцін і Васіль, будучыя міліцэйскія палкоўнікі. Пасля паспяховага заканчэння Станькаўскай СШ яны без усялякіх цяжкасцей паступілі ў Мінскі электратэхнікум сувязі. Валянцін дэманстраваў у ім не толькі выдатныя веды, але і праслаўляў установу значнымі дасягненнямі ў лёгкай атлетыцы, якой актыўна і плённа займаўся са школьных гадоў.
На чацвёртым, апошнім курсе ўсіх студэнтаў перавялі на завочнае навучанне і накіравалі на працу ў розныя куткі краіны. Пяцёх лепшых, у ліку якіх былі і Ліпені, накіравалі ў сталічнае тэлевізійнае атэлье № 16 Дзяржрадыётрэста СССР - адзінае на Мінск і вобласць! Пасля яго перайменавалі ў атэлье № 1 Мінсувязі БССР. У чарзе на рамонт у ім аднаго з 20 на той час тыпаў тэлевізараў трэбабыло стаяць… больш за месяц. За ўвесь час шчыравання ў майстэрні, да прызыву ў войска, на братоў ніхто з уладальнікаў апаратаў не паскардзіўся.
Першапачатковым месцам іх службы стала Стаўрапольскае ваеннае вучылішча сувязі. У ім рыхтавалі афіцэраў для работы на асноўных сродках прыёму і перадачы інфармацыі ў ракетных войсках. Але замест трох гадоў Ліпені прабылі там усяго чатыры месяцы - рапарты на залічэнне ў склад курсантаў вырашылі не пісаць. У выніку апынуліся ў ліку 30 адмаўленцаў, якіх накіравалі ў вайсковы гарадок Уласіха, адкуль у 1941-м Георгій Жукаў кіраваў абаронай Масквы. Тады там кватаравалі галоўны штаб і ўпраўленне Галоўнакамандуючага ракетнымі войскамі.
Лепшых за братоў спецыялістаў у батальёне засакрэчваючай апаратуры сувязі не было. Валянцін здзіўляў кіраўніцтва ўсяго гарнізона не толькі майстэрствам, але і спартыўнымі паказчыкамі. Даволі хутка ён атрымаў I разрад па бегу, лыжам і біятлону. Быўшы ўжо начальнікам апаратнай, старшына Ліпень пацвярджаў іх у Сакольніках, Лужніках ды на Ленінскіх гарах, з якіх бачыў сябе і брата ў аудыторыях Мінскага радыётэхнічнага інстытута.

Мара здзейснілася! Гады вучобы праляцелі хутка, і з кастрычніка 1968-га выпускнік з чырвоным дыпломам пачаў працаваць старшым інспектарам-інжынерам аддзела тэхнічных сродкаў упраўлення пазаведамаснай аховы пры МАГП БССР.
- Працавалася вельмі складана, - кажа Валянцін Канстанцінавіч. - Захаванасць дзяржмаёмасці забяспечвалі ў асноўным вартаўнічыя стацыянарныя і абходныя пасты. Першай дыстанцыйнай сістэмай стаў пульт «Нева-60». Потым пачалі з’яўляцца «Сирень-1М», «Нева-10», «Нева-10М»… Патрабавалася дасканала ведаць іх не толькі самому, але і навучыць эфектыўна выкарыстоўваць на месцах.
Юбіляр адзначае, што з 1969 года пабудаваныя гандлёвыя аб’екты без сігналізацыі ў эксплуатацыю не прымаліся. Наогул, за другую частку трэцяй дзесяцігодкі службы тэхсродкі ахоўнай сігналізацыі прапісаліся на 13 655 аб’ектах. Гэта 32 сотні ўсіх ахоўных. Усё большае месца займала цэнтралізаваная сістэма з выкарыстаннем АТС. За названы час у 21 горадзе з’явіўся 41 пункт цэнтралізаванага назірання. ПЦН абслугоўвалі 3500 аб’ектаў. Для зніжэння выдаткаў і павышэння аператыўнасці назіральныя аб’ядноўваліся ў пункты цэнтралізаванай аховы. Першыя з іх уключыліся ў працу ў сталіцы, Гомелі, Віцебску і Гродне, дзе гарадскі аддзел пад кіраўніцтвам падпалкоўніка міліцыі Івана Татарынава па рашэнні Прэзідыума ЦК прафсаюза работнікаў дзяржустаноў і МУС прызналі лепшым у Саюзе!
- Тэхнічныя сродкі, - дадае Валянцін Канстанцінавіч, - пасяляліся тым часам у музеях, карцінных галерэях, выставачных памяшканнях, на прамысловых прадпрыемствах. Адзначу і важны факт: у 18 гарадах замест абходных вартавых пастоў на 52 маршрутах вялося мотапатруляванне. У выніку лік крадзяжоў зменшыўся больш чым на 30 адсоткаў. Укараненне наяўнай і новай апаратуры дазваляла скарачаць планава штогод колькасць занятых і зніжаць выдаткі. Сродкамі сігналізацыі нашыя аб’екты абсталёўвалі толькі мантажнікі «Запспецавтоматики». І неабходныя аб’ёмы падрадных работ мы мусілі перадаваць праз Дзяржплан рэспублікі. Праз мае рукі прайшлі і прымітыўныя «Спицы», і тонкі медны провад, і ўдарныя кантактныя, і п’езаэлектрычныя, і магнітаэлектрычныя, і ультрагукавыя, і фотаэлектрычныя, і радыёпрамянёвыя датчыкі, і ёмістыя апавяшчальнікі...
Цёплым вераснёўскім днём 1975-га Валянцін Ліпень стаў намеснікам начальніка аддзела тэхсродкаў, а праз паўтара года ўзначаліў гэтае адказнае падраздзяленне. З вялікай удзячнасцю ветэран узгадваў незабыўныя ўрокі, якія далі яму тагачасны кіраўнік службы аховы палкоўнік Уладзімір Нялюбін і палкоўнік Міхаіл Жывалкоўскі, якога ён змяніў на новай пасадзе. Дзякуючы творчым намаганням Валянціна Канстанцінавіча, які станавіўся пакрысе легендай айчыннай аховы, а потым і стаў ёй (!), на базе ўсё часцей праводзілася вопытная эксплуатацыя новай тэхнікі. Беларускага майстра пачалі актыўна і настойліва прыцягваць да дапамогі калегам з розных рэгіёнаў Саюза. Яму шчыра дзякавалі ва Узбекістане, Казахстане, Цюмені…
Пасля распаду вялікай дзяржавы маральна ўстарэлыя сістэмы цэнтралізаванай аховы знялі з вытворчасці, таму давялося брацца за справу самім. І тагачасны кіраўнік службы генерал-маёр міліцыі Юрый Тарабрын даручыў Валянціну Ліпеню распрацаваць уласную эфектыўную аўтаматызаваную сістэму. Юрый Васільевіч быў упэўнены: і на гэты раз яго таленавіты падначалены зробіць тое, што нікому ў краінах былога Саюза і не снілася. І ён зрабіў!
Найперш «знайшлі» вытворчае аб’яднанне «Агат». Яго галоўны інжынер Леанід Ганчарык тройчы збіраў спецыялістаў мясцовых лабараторый, каб «чалавек з аховы» падрабязна давёў ім, што ёсць сёння і што трэба зрабіць. Пасля працяглых абмеркаванняў начальнік 105-й лабараторыі Анатоль Матусевіч пагадзіўся ўзяцца за справу. Пры гэтым была пастаўлена ўмова: заказчык павінен сам прапанаваць структурную схему і тэхнічныя патрабаванні да кожнага вузла.
Да абмеркавання Ліпень прыцягнуў не толькі спецыялістаў «Агата», але і кіраўнікоў тэхслужб на месцах. Прапанаваны макет вопытнага ўзору ўразіў яго і коштам камплектацыі, і памерамі, якія былі большымі за існуючыя сістэмы, і ён настойліва патрабаваў знайсці аптымальны варыянт. Акрамя таго, разам з Юрыем Тарабрыным энергічны, памяркоўны і надзвычай адказны спецыяліст наведаў Варонеж, дзе спецыяльны інстытут займаўся пеленгаваннем аб’ектаў з самалёта…
Выдатны ўзор шырока вядомай сёння ўнікальнай «Алесі» быў усталяваны ў 1994 годзе ў Фрунзенскім аддзеле аховы. Пры эксплуатацыі сістэму дапрацоўвалі. Тым часам Валянцін Канстанцінавіч дамовіўся з былымі супрацоўнікамі 105-й лабараторыі, якія шчыравалі ўжо на прадпрыемстве «Аларм», на распрацоўку серыі прыбораў аб’ектавага ўзроўню, сумяшчальных як з існуючымі пультамі, так і з «Алесяй». Выкарыстоўваць іх шырока ён пачаў ужо на пасадзе намесніка начальніка аб’яднання «Ахова», якое ўзначаліў будучы намеснік Міністра ўнутраных спраў Аляксандр Шчурко. Пры ім у Ленінскім (Брэст) аддзеле ўсталявалі 15 кастрычніка 1995-га першую «Алесю». Прыблізна праз год у тым жа Брэсце пад кіраўніцтвам Ліпеня яе задзейнічалі для кантролю за аўтатранспартам нарадаў міліцыі.
З вясны 2002-га на машынах можна было заўважыць геральдычны сімвал службы - залацістую саву, якая трымае ў сваёй дзюбе ключ ад замкоў аб’ектаў і ад якой адыходзяць радыёхвалі. Гэтую ідэю прапанаваў пры абмеркаванні Валянцін Ліпень. Ён беражліва захоўвае патэнт № 3276 на вынаходства аднаго з галоўных на сёння здабыткаў аховы - аўтаматызаванай сістэмы «Алеся».

На страже


